А́КТЫ КАРАЛЯ́ ПО́ЛЬСКАГА І ВЯЛІ́КАГА КНЯ́ЗЯ ЛІТО́ЎСКАГА АЛЯКСА́НДРА,

«Acta Aleksandra, króla polskiego, wielkiego księcia litewskiego i t.d. (1501—1506)», зборнік актаў Аляксандра. Выдадзены ў Кракаве ў 1927. Дакументы асвятляюць узаемаадносіны Польшчы з ВКЛ, Маскоўскай Руссю, Прусіяй, рымскай курыяй, Валахіяй, «Свяшчэннай Рымскай імперыяй», пытанні дзярж. і царкоўна-рэліг. уній. У зборы змешчаны праекты мірных дагавораў, пасольскія інструкцыі, дзярж. перапіска, дакументы соймаў. Большасць дакументаў на лац., частка на ням. і старабел. мовах; выяўлены ў архівах Варшавы, Кёнігсберга, Гданьска, Фраўэнбурга.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)